Peržiūrėti neatsakytus pranešimus | Peržiūrėti aktyvias temas Dabar yra Ket Kov 28, 2024 8:22 pm



Naujos temos kūrimas Atsakyti į temą  [ 1 pranešimas ] 
Baltarusai apie LDK nacionalinį charakterį 
Autorius Žinutė
Svetainės adminas
Vartotojo avataras

Užsiregistravo: Pen Geg 21, 2004 12:37 pm
Pranešimai: 869
Miestas: Vilnius
Standartinė Baltarusai apie LDK nacionalinį charakterį
Baltarusai apie LDK nacionalinį charakterį
Kas supranta baltarusiškai, būtų labai įdomu išversti. Manau čia daug polemikos.
http://txt.knihi.com/urban/charaktar.html

Паўла Урбан

Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва»

(У парадку дыскусіі)

Пытаньне гэтае тым больш важнае, што ад даўжэйшага часу савецкая гістарыяграфія, у тым ліку й гістарыяграфія БССР, усялякімі магчымымі спосабамі выкрыўляе й хвальшуе гістарычнае мінулае беларускага народу. Што-ж тычыцца літоўскага пэрыяду ў гісторыі нашага народу, гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, дык пэрыяд гэты, выражаючыся лагодна, зусім выкінуты з нашага гістарычнага мінулага. І гэта зроблена зусім сьведама й зроблена таму, каб ня шкодзіць цэласьці канцэпцыяў гэтай гістарыяграфіі пра беларускі народ, як «безьдзяржаўны народ» у мінулым, пра так званую «гістарычна-нацыянальную супольнасьць» беларускага народу з расейскім. З гэтае прычыны мы ня маем ніводнае гістарычнае працы, якая была-б выдадзеная ў БССР ды спэцыяльна была-б прысьвечаная гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ці гісторыі беларускага народу гэтага літоўскага пэрыяду. Калі ня ўлічваць пару выняткаў, няма іх і ў вагульнасавецкай гістарыяграфіі. У тым выпадку, калі ў тых ці іншых абагульняльных гістарычных працах і закранаецца гісторыя беларускага народу гэтага літоўскага пэрыяду, дык яна насьвятляецца ў такі спосаб, што ствараецца ўражаньне, нібы ў гэтым літоўскім перыядзе беларускі народ перажываў «нацыянальнае прыгнечаньне», а ягоная гістарычная дзейнасьць зводзілася да «пакутніцтва за рускую справу» й няспыннага змаганьня супраць «прыгнятальнікаў» «за аб'еднаньне з Маскоўшчынай» ці «вялікім расейскім народам»[1]. Пры гэтым хвальшаваньне гісторыі заходзіць так далёка, што навет дапускаецца падобная нелягічнасьць:

«Да Расейскай дзяржавы, - чытаем мы ў «Истории БССР», - цягнулася й частка праваслаўных феадалаў Беларусі, якія былі незадаволеныя прыгнечаньнем літоўскіх магнатаў. Напрыклад, у 1481 г. князі Міхаіл Алелькавіч, Фёдар Гальшанскі й Фёдар Бельскі ачолілі змову, якая ставіла сваёй мэтай аддзяліць ад Літвы беларускія землі й далучыць іх да Расейскага гаспадарства. Гэтая змова, аднак, была выкрыта. Алелькавіч і Гальшанскі былі пакараныя сьмерцяй, а Бельскі зьбег да Масквы»[2].

Найперш неабходна адцеміць, што змова гэтая, ачоленая названымі князямі, у тым ліку й Іванам Гальшанскім, а ня Фёдарам, мела зусім іншыя палітычныя мэты. Заняўшыся сваей дынастычнай і прапольскай палітыкай у Чэхіі й Вугоршчыне, вялікі князь літоўскі й адначасна польскі кароль Казімер занядбаў нацыянальна-палітычныя інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе. Гэта выкарыстаў маскоўскі князь Іван ІІІ для свайго наступу на Вяліканоўгарадзкую рэспубліку, якая дасюль адыйгрывала ролю буфэрнае дзяржавы між ВКЛ і Маскоўскім княствам. Не зважаючы на тое, што ноўгарадзкае баярства неаднаразова зьвярталася за дапамогай да ВКЛ і самога князя Казімера, прапануючы пры гэтым заключэньне больш цеснага саюзу між двума гаспадарствамі й вуніі ў васобе вялікага князя літоўскага, а таксама не зважаючы на дамаганьні Вялікакняжае Рады абвясьціць вайну Маскоўшчыне, Казімер заставаўся нібы глухім да ўсяго гэтага. Ён таксама адмовіўся выкарыстаць абставіны 1480 году, калі ўзбунтаваныя браты Івана ІІІ князі Барыс і Андрэй Старэйшы зьвярнуліся за дапамогай да ВКЛ і атрымалі рашучую адмову ды калі хан Залатой Арды Ахмат змушаны быў дарэмна чакаць літоўскае падтрымкі, стоячы на ўзьмежжы Маскоўскага княства. Вось-жа ў гэтых крытычных для ВКЛ абставінах і ўзьнікла палітычная змова супраць вялікага князя літоўскага Казімера, мэтай якое прадугледжвалася ягонае забіцьцё разам з сынамі, каб гэтым самым вярнуць бясьпеку ВКЛ на ўсходніх межах ды нарэшце пазбавіцца шкодных вунійных сувязяў з Польшчай. Дарэчы зазначыць, што вялікі князь Казімер ледзь не загінуў у падобны спосаб яшчэ ў 1453 годзе, калі на бурным сойме, на якім разглядалася спрэчка Ліцьвіноў з Палякамі за Падольле, ён быў ранены. У тым-жа годзе ўзьнікла пытаньне выбару новага вялікага князя, і на месца Казімера прапанавалася кандыдатура князя Сямёна Алелькавіча, брата Міхаіла Алелькавіча. З 1456 году справа новага вялікага князя ў васобе Сямёна Алелькавіча становіцца яшчэ больш надзённай, і ў гэтых захадах замены Казімера першарадную ролю адыйгравае князь Юры Сямёнавіч Гальшанскі. Як-бы па традыцыі кандыдатура Слуцкага князя Сямёна Міхайлавіча, сына пакаранага ў 1481 годзе Міхаіла Алелькавіча, высоўвалася таксама й пры выбарах вялікага князя літоўскага ў 1492 годзе.
Гэтая маленькая экскурсія ў гісторыю тут была неабходнай з гледзішча на падобную нахабнасьць у насьвятленьні нашага гістарычнага мінулага. Але галоўнае заключаецца ў васьветчаньні: «Да Маскоўшчыны цягнулася й частка праваслаўных феадалаў Беларусі, незадаволеных прыгнечаньнем літоўскіх магнатаў». Князі Міхаіл Алелькавіч Слуцкі, Іван Гальшанскі й Фёдар Бельскі былі праваслаўнага веравызнаньня. Аднак, калі карыстацца тэрміналёгіяй савецкай гістарыяграфіі, паводля паходжаньня яны былі Літоўцамі, як і іншыя «літоўскія магнаты». Прадзедам Міхаіла Алелькавіча й Фёдара Бельскага быў князь Уладзімір, сын вялікага князя Альгерда. Князь Іван Гальшанскі, праўдападобна, паходзіў зь іншага адгаліненьня літоўскіх князёў. У Быхаўскай кроніцы князі Гальшанскія ў вадным месцы выводзяцца ад князя Міндоўга, а ў іншым месцы - з роду полацкіх князёў (з «поколеня руского»)[3]. Якім-жа цудам тыя самыя «літоўскія феадалы», «прыгнятальнікі беларускага народу», маглі выступіць супраць собскіх інтарэсаў, каб шляхам «вызваленьня» гэтага народу самым трапіць у чужацкую няволю?
З гледзішча насьвятленьня гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў ягоным першапачаткавым пэрыядзе вымоўнай зьяўляецца праца навуковага супрацоўніка Інстытуту гісторыі Акадэміі навук СССР В.Пашуты, выдадзеная ў 1959 годзе пад назовам «Утварэньне Літоўскага гаспадарства». У гэтай першай у вагульнасавецкай гістарыяграфіі спэцыяльнай працы пра ВКЛ найбольш ярка праявіліся антыбеларускія тэндэнцыі ў паглядах на гісторыю гэтага княства. Фактычна, бязь ніякіх найменшых засьцярогаў, гісторыя гэтая сьпісана на конта сяньняшняе Летувы, і беларускі народ выступае ў ёй, як аб'ект заваёваў і калянізацыі. Ды й пра беларускі народ і старажытныя беларускія княствы найменш тут гутаркі, бо яны залічаны ў склад Кіеўскай Русі й гэтак званы «старажытны рускі народ». З другога боку, прарасейская канцэпцыя гісторыі Беларусі ў ёй дае знаць пра сябе з асаблівай сілай. Адным словам, у сувязі з татарскай і нямецкай загрозай і ўпадкам Русі ўваход Беларусі ў склад ВКЛ «быў меншым злом»:

«Калі маскоўскі ўрад змог здабыцца на дастатковую сілу для змаганьня з гэтай загрозай, - працягвае В.Пашута, паўтараючы й у іншых мясцах, - узмоцніўся пацяг да яго земляў, заселеных этнічна блізкім народам. Гэта адбілася й на палітыцы пануючых праслойкаў. Пачаліся ад'езды ў Маскву... Многа пральлецца крыві, пакуль ужыцьцявіцца ўзьеднаньне расейскіх, украінскіх і беларускіх земляў»[4].

Дзіўнай ёсьць і сама тэорыя ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага, якую тут праводзіць В.Пашута й трымаецца яе да канца свае працы. Гэта тэорыя эканамічнага матарыялізму, згодна якое ўзьнікненьне ВКЛ было «заканамерным рэзультатам зьменаў у гаспадарскім і грамадзкім разьвіцьці краіны», г.зн. неакрэсьленае старажытнае Літвы. Калі пасьлядоўна прытрымоўвацца гэтае тэорыі ды лічыць тую неакрэсьленую старажытную Літву, як простую папярэдніцу сяньняшняе Летувы, дык у такім выпадку як прыходзіцца разглядаць факт утварэньня Вялікага Княства Літоўскага амаль вылучна на тых землях, якія ў сілу гэтае тэорыі мелі ці прынамся павінны былі мець сваё падобнае «заканамернае» разьвіцьцё.

_________________
Kaip danguje, taip ir žemėje


Šeš Lie 22, 2006 1:11 am
Aprašymas WWW
Rodyti paskutinius pranešimus:  Rūšiuoti pagal  
Naujos temos kūrimas Atsakyti į temą  [ 1 pranešimas ] 


Dabar prisijungę

Vartotojai naršantys šį forumą: Registruotų vartotojų nėra ir 3 svečių


Jūs negalite kurti naujų temų šiame forume
Jūs negalite atsakinėti į temas šiame forume
Jūs negalite redaguoti savo pranešimų šiame forume
Jūs negalite trinti savo pranešimų šiame forume
Jūs negalite prikabinti failų šiame forume

Ieškoti:
Pereiti į:  
cron
Powered by phpBB © 2000, 2002, 2005, 2007 phpBB Group.
Forum style by Vjacheslav Trushkin for Free Forums/DivisionCore.
Vertė Vilius Šumskas © 2003, 2005, 2007